Угодкі памяці ў Росіцы

Гадавіну памяці благаславёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча адзначаць сёлета 18 лютага. У гэты дзень у Росіцкі касцёл Святой Тройцы збяруцца вернікі і пілігрымы з усёй Беларусі.
Сустрэча чакаецца надзвычай шматлюднай і насычанай. Сёлета спаўняецца 80 гадоў з тых дзён, калі росіцкія святары здзейснілі подзвіг духа — прынялі пакутніцкую смерць разам са сваімі вернікамі.
Карная аперацыя «Зімовае чараўніцтва» праводзілася фашыстамі з сярэдзіны лютага па канец сакавіка 1943 года.
16−18 лютага карнікі поўнасцю знішчылі вёску Росіца і навакольныя сяленні. Сярод забітых былі каталіцкія святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра, якія не пакінулі вязняў і спрабавалі выратаваць людзей. У Росіцы было забіта і спалена ў агні 1528 чалавек.
Росіцкія святары прызнаны каталіцкай царквой благаславёнымі пакутнікамі. На месцы іх гібелі ўстаноўлены мемарыял памяці, ля якога штогод у лютым і жніўні адбываюцца супольная малітва і праводзяцца мерапрыемствы памяці.

газета “Дзвінская праўда”